7 верасня ў бібліятэцы-філіяле No10, у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства для навучэнцаў 2 «Б» класа ДУА «Пачатковая школа No8» было арганізавана пазнавальна-забаўляльнае мерапрыемства, якое аб’яднала літаратурную і музычную спадчыну Беларусі.
Бібліятэкар расказала дзецям пра гісторыю ўзнікнення пісьменства, пра першыя кнігі і асветнікаў. Дзеці даведаліся, як беражліва перадавалася слова з стагоддзя ў стагоддзе, і які шлях прайшла кніга, каб стаць даступнай кожнаму. Асаблівую цікавасць выклікаў квіз па беларускіх народных казках, дзе школьнікі актыўна адказвалі на пытанні, адгадвалі герояў і сюжэты, выяўляючы веданне роднага фальклору.
Затым бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з беларускімі народнымі музычнымі інструментамі. Расказвала пра іх ролю ў абрадах і святах, як яны суправаджалі народныя песні і танцы.
Самым яркім момантам стала інтэрактыўная частка: кожны змог паспрабаваць сябе ў ролі музыканта і пагуляць на дудцы. Гэта выклікала жывое захапленне і дазволіла дзецям не толькі пачуць, але і ўласнаручна дакрануцца да народнай культуры.
Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы. Спалучэнне слова і гуку дапамагло дзецям глыбей адчуць багацце беларускіх традыцый, абудзіла цікавасць да чытання і беражлівыя адносіны да нацыянальнай спадчыны.






