Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.
Слова беларускае – жывое, гаваркое, музычнае, напеўнае i непаўторнае. У гэтым пераканаліся на мінулым тыдні наведвальнікі бібліятэкі-філіяла № 5.
Тут кожны дзень пад дэвізам «Брэст гаворыць па-беларуску» праходзілі мерапрыемствы, прысвечаные беларускай мове і літаратуры.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, калі чытачы адказвалі на пытанні віктарыны «Ведай беларускую мову». Пераможца атрымаў скрынку беларускіх цукерак.
А яшчэ нельга было прайсці міма фотазоны «Фотаздымак па-беларуску», якая працавала на працягу ўсяго тыдня, як і выставы «Да роднай мовы крок зрабі», «Родны край у арнаментах».
Мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры, спрыялі выхаванню павагі да роднай мовы, да Бацькаўшчыны, бо родная мова – гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, знак яго прысутнасці на зямлі. Родная мова – гэта адвечны голас Радзімы.







