26 верасня ў канферэнц-зале бібліятэкі імя А. С. Пушкіна адбылася творчая сустрэча старшакласнікаў сярэдняй школы № 15 са старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццянай Дземідовіч.
У пісьменніцкім багажы Таццяны Анатольеўны шмат кніг для дзяцей і дарослых. Яе казкі, апавяданні, вершы і гумарэскі не залежваюцца на кніжных паліцах. Таццяна Дземідовіч пазнаёміла слухачоў са сваімі калегамі па пяру. Сёння ў Брэсцкім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі налічваецца 52 літаратары: паэты, празаікі, драматургі, публіцысты і літаратурныя крытыкі.
Таццяна Анатольеўна расказала вучням, чым яшчэ, акрамя напісання твораў, займаюцца пісьменнікі, зрабіла творчы экскурс у традыцыі літаратараў Берасцейшчыны, распавяла пра магчымасці для пішучай моладзі, а таксама назвала лаўрэатаў прэстыжных літаратурных і журналісцкіх прэмій і конкурсаў.
Пісьменніца падрабязна адказала на пытанні школьнікаў пра тое, як стаць пісьменнікам і як прыходзіць натхненне. Яна распавяла пра свае першыя крокі ў літаратуры, планы і новыя літаратурныя праекты.
Сустрэча была не толькі цікавай, але і надзвычай карыснай. Таццяна Анатольеўна — мудры, шчыры на пачуцці чалавек і таленавіты пісьменнік.