Падарожжа ў свет мужнасці і грацыі беларускай жанчыныадбылося ў гарадской дзіцячай бібліятэцы.

У рамках святкавання Года беларускай жанчыны каля  разгорнутай тэматычнай кніжнай выставы «Беларуская жанчына – сімвал сілы і натхнення»  прайшло мерапрыемства «Прыгажуні роднага Палесся». Удзельнікі сустрэчы змаглі дакрануцца да гісторыі, прайшоўшы праз захапляльныя інтэрактыўныя лакацыі.

Сустрэча пачалася з высокай паэзіі. Праз QR-код ўдзельнікі змаглі пачуць неўміручыя радкі Максіма Багдановіча. Галоўнай загадкай стала пытанне: каму ж прысвечаны гэтыя вершы, жыхарам з якой мясцовасці? Знаўцы літаратуры адразу здагадаліся — гаворка пра славутых дзяўчат з горада Слуцка.

На АРТ-пляцоўцы «Традыцыі і рамёствы», кожны адчуў сябе майстрам: падобна таму, як слуцкія ткачыхі радок за радком стваралі шэдэўры, нашы госці складалі малюнкі-пазлы са старажытнымі заняткамі беларускіх майстрых. Падчас працы ішла ажыўлённая гутарка пра жаночыя долі: ад самых рэдкіх прафесій мінулага да папулярных заняткаў сучасных беларусак.

Гісторыя Беларусі немагчыма без гераічных імёнаў. Падчас пошуку-агляду «Гонар і слава стагоддзяў», удзельнікі знаёміліся з біяграфіямі знакамітых жанчын былых стагоддзяў і шукалі выданне пра першую жанчыну-воіна — княгіню Анастасію Слуцкую, якая праславілася ў XVI стагоддзі. Тэма мужнасці працягнулася на пляцоўцы каля выставы, дзе хлопцы і дзяўчаты знаёміліся з выданнямі з паліцы «Прыклад стойкасці і адвагі». Пад шчымлівыя гукі песні «Бывай, смуглявая, каханая, бывай» госці ўзгадвалі імёны жанчын, якія змянілі сукенкі на ваенную форму, каб абараніць Радзіму. Гэта была хвіліна гонару за тых, хто пасля Перамогі зноў стаў крыніцай пяшчоты і мацярынства.

Хто зрабіў першы рушнік? Гісторыя не захавала імя гэтай жанчыны, але яе спадчына жыве ў кожным арнаменце. Удзельнікі даведаліся пра вытокі народнага ткацтва, а пасля пераключыліся на сучасную карту нашага горада. У ходзе гульні-філворда «Вуліцы нашага горада з жаночымі лікамі» былі знойдзены ўсе тапонімы, названыя ў гонар вялікіх жанчын-беларусак.

Але шмат творчых зорак ззяе і сёння на беларускім небасхіле! Гэта пісьменніцы і спартсменкі, спявачкі і касманаўткі, іншыя знакамітыя жанчыны Беларусі. Жанчыны, якіх кожны павінен ведаць.

Дык якая яна — беларуская жанчына?

Фіналам мерапрыемства стала гульня-камплімент. Удзельнікі стварылі сімвалічнае сонца, дзе на кожным промні напісалі прыметнік, які характарызуе нашых суайчынніц: мудрая, працавітая, адважная, мілая і, безумоўна, непаўторная.

Мерапрыемства «Прыгажуні роднага Палесся» паказала, што прыгажосць беларускі — гэта не толькі ўнікальны сплаў гістарычнай шляхетнасці, мяккай прыроднай эстэтыкі, зорнага таленту і неверагоднай сілы духу, але і адчуванне ўласнай годнасці, спакойная ўпэўненасць у жыцці і святло, якое ідзе ад вернасці сабе і свайму краю.

Поделиться

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *