Выстава керамікі «Спадчына ў дзіцячых далонях» ўдзельнікаў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Крокі» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста адкрылася ў «Арт-прасторы бібліятэкі».
Студыя «Крокi» існуе ўжо больш за чатырнаццаць гадоў, сотні хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі тут веды і навыкі па вырабу керамічных твораў. Зараз студыя складаецца з двух творчых аб’яднанняў: «Крафт», педагог Абрамчык Ганна Ўладзіміраўна, і «Тэрра», педагог Дударава Лідзія Эдуардаўна. Шаснаццаць юных керамістаў прадставілі на выставе свае асабістыя вырабы і калектыўныя пано.
Экспазіцыя аб’ядноўвае шчырасць дзіцячага погляду са старажытным мастацтвам керамікі. Галоўная ідэя – пераемнасць пакаленняў, дзе гліна становіцца злучным звяном паміж гістарычным мінулым і сучасным уяўленнем дзіцяці. Кожны выраб захоўвае адбіткі рук аўтара, што надае працам унікальную тэкстуру і «жывую» энергетыку. Выявы птушак, жывёл і персанажаў народных казак, выкананыя з асаблівай цеплынёй.
Працы выкананы з натуральнай гліны, спосабам ручной фармоўкі і дэкаратыўнага роспісу ангобамі, глазурамі і акрылам. Творчыя працы выпраменьваюць радасць творчасці і дэманструюць беражлівыя адносіны да нацыянальнай спадчыны.
Пазнаёміцца з выставай можна да канца кастрычніка ў працоўныя часы бібліятэкі.